Дарогай Гасподняй пад Зоркай Хрыстовай

Дарогай Гасподняй пад Зоркай Хрыстовай

У ноч з 24 на 25 снежня католікі, пратэстанты ўсяго свету, а таксама праваслаўныя Грэцыі, Румыніі, Балгарыі, Польшчы, Сірыі, Лівана і Егіпта адзначаюць Ражджаство (Нараджэнне, Раство) Хрыстова. Гэта свята любові, надзеі, веры, чысціні і шчырасці

За чатыры тыдні да Каляд пачаўся перыяд Адвенту – чакання вялікай урачыстасці, часу ўзмоцненага пакаяння. Вернікі ішлі да споведзi, удзельнічалі ў набажэнствах. Храмы ўпрыгожваліся вянкамі, у якіх замацоўваліся 4 свечкі: кожную нядзелю адна з іх запальвалася.

Святкаваць Каляды вернікі будуць да 1 студзеня – гэтыя 8 дзён складаюць актаву Раства.

На куццю, 24 снежня, дзеці і дарослыя ладзяць цацачныя яслі і ўпрыгожваюць калядныя ялінкі – сімвал жыцця і ўрадлівасці. Евангельскі аповед пра дары, якія вешчуны прынеслі немаўляці Іісусу, лёг у аснову традыцыі рабіць у святы дзень прыемныя сюрпрызы блізкім і родным людзям.

Адкуль пайшла назва свята “Каляды” і чаму нашы продкі не пілавалі дровы ў калядныя дні?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанне мы шукаем разам з дацэнтам культуралогіі кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Іванам Траццяком.

На думку суразмоўцы, беларускія католікі ставяцца да свят прагматычна: яны павінны бачыць у іх глыбокую канцэпцыю, а не толькі нагоду павесяліцца.

– Увогуле для вернікаў гэтай канфесіі існавалі толькі тры найвялікшыя святы: Каляды, Вялікдзень і Сёмуха, – падкрэслівае Іван Іванавіч. – Напрыклад, любімая праваслаўнымі Масленіца была абсалютна незразумелая для католікаў, далікатна ставіліся яны і да Купалля — маўляў, што за свята, калі там ксяндза няма?

Цікава, што і католікі, і праваслаўныя традыцыйна запрашалі адно аднаго на Бедную куццю. Дарэчы, некаторыя даследчыкі кажуць, што не такая яна ўжо і “бедная” – на стале ажно 12 страў, хоць і посных. Па традыцыі на першы дзень Каляд многа мяснога ўсё роўна не елі, а вось 31 снежня – на Шчодрую куццю – ладзілі сапраўднае свята жывата.

З першага дня Каляд праводзілася звычайна мноства імпрэз, забавак, варажбітных абрадаў.

PRAS.by""

– У сельскай мясцовасці вельмі папулярны такі жарт: зняць браму і занесці куды-небудзь, – расказвае Іван Траццяк. – Раніцай людзі ходзяць, шукаюць, злуюцца на “гумарыстаў”, а ці хто можа патлумачыць, навошта гэта робіцца? Так, дзеля смеху, а ў старажытнасці гэтая забава несла ў сабе глыбокі сэнс. Напрыклад, у адной хаце жыла прыгожая дзяўчына на выданні, у другой – нежанаты юнак. Людзі вырашылі: чым не пара? – і брамы ім памянялі. Пасля бацькі (магчыма, і дзеці таксама) знаходзілі свае весніцы адно ў аднаго, заходзілі ў госці, гутарылі. Так і да вяселля справа даходзіла.

PRAS.by""

Гутарка калядоўшчыкаў і гаспадароў, па словах даследчыка, мела глыбокі набожны кантэкст: услаўляліся немаўлятка Ісус, Багародзіца, гаспадары.

– Нашы продкі ў калядныя дні, з 25 снежня па 6 студзеня, не секлі і не пілавалі дровы, не шылі і не ткалі, каб не турбаваць духаў, – працягвае Іван Траццяк. – Да таго ж святкаванне Каляд супадае з паганскім святам у гонар нараджэння Сонца (Раство Хрыстова прыпадае на дзень зімовага сонцастаяння). Нябеснае свяціла зрабіла кола (адсюль назва “Каляды”) і пачало расці.

Чаму калядоўшчыкі водзяць з сабой казу, а не карову ці свінню, і які сэнс закладзены ў калядных песнях і вершах?

У святкаванні дня Божага Нараджэння царкоўныя і народныя звычаі спляліся так цесна, як ні ў адным іншым свяце.

Ужо раніцай пасля святой вячэры можна ад душы павесяліцца – пайсці калядаваць дружнай кампаніяй. Раней дзеці і моладзь пераапраналіся ў адмысловыя касцюмы, развучвалі калядныя песні ды вершы і абыходзілі суседзяў з услаўленнямі і зычаннямі здароўя, багацця, дабрабыту. Нашы продкі лічылі, што так можна заручыцца падтрымкай вышэйшых сіл на ўвесь наступны год. Калядоўшчыкі ўспрымаліся як пасрэднікі паміж Богам і чалавекам.

PRAS.by""

Галоўныя дзеючыя асобы “карнавалу” – Дзед з Казою, Цыган, Цыганка, Зарканоша, Механоша, Чорт і Салдат. У некаторых регіёнах калядоўшчыкі водзяць яшчэ Мядзведзя і Бусліка (Жорава). Важны атрыбут абраду – васьміканцовая зорка, прымацаваная да доўгага шаста, якую нясе Зарканоша.

Дзед традыцыйна вядзе Казу. У даўнія часы лічылася, што з дапамогай гэтай жывёлы можна выгнаць з хаты і падворка “нячысцікаў”, якія напярэдадні Раства звычайна робяць розныя гадасці, а таксама разлічваць на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і багаты ўраджай: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе каза хвастом – там жыта кустом”. Хітрая Каза і ў скокі кідалася, і памірала, і ўваскрасала. Канечне, ажывіць яе можна было толькі пасля таго, як гаспадары пачастуюць калядоўшчыкаў прысмакамі ці адораць грашыма:

Вой, Каза, мая Каза,

Паскачы па хаце!

Трэба болей каўбасы

Накалядаваці!

Чаму менавіта каза? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў беларускай міфалогіі. Багіня ўрадлівасці, юнацтва і прыгажосці Жыва павінна была нарадзіць бога-грамавержца, які скінуў бы ненавіснага Зюзю – бога зімы і зла.

PRAS.by""

– Хутчэй за ўсё, павінен быў нарадзіцца Пярун – галоўны бог пантэона беларускай міфалогіі, – дзеліцца цікавымі фактамі дацэнт культуралогіі кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Іван Траццяк. – Знішчыць багіню Зюзя паслаў злыдняў у вобразе ваўкоў. Каб уцячы ад ганіцеляў, Жыва абярнулася лёгкай козачкай. Дзе пераскоквала яна цераз ледзяныя гурбы і сумёты, там адразу таяў снег і зямля станавілася ўрадлівай”.

PRAS.by""

Незайздросная доля на гэтым свяце жыцця ў Механошы – ён вымушаны цягнуць усе здабыткі на сваіх плячах. Калядоўшчыкі, як прынята, нічога з рук не бяруць – усе падарункі гаспадары складваюць у вялізную торбу.

Цыган водзіць Мядзведзя, які танчыць пад бубен і смяшыць вяскоўцаў. Цыганка, натуральна, варожыць, але пры ўмове “пазалаціць ёй ручку”.

Хрыстос нарадзіўся – Бог аб’явіўся

Нельга не прыгадаць яшчэ адну з даўніх калядных традыцый – адкрыццё ў касцёлах батлеек

Яны ўяўляюць сабой маляўнічыя яслі з фігуркамі Святой сям’і, пастухоў, вешчуноў, якія прыйшлі пакланіцца немаўляці Іісусу, хатняй жывёлы. Стваральнікам першых ясляў у 1223 годзе стаў святы Францыск Асізскі.

На Гродзеншчыне такія свайго роду “лялечныя тэатры” называюць “шопкамі” (ад польскага szopka – “адрына, пуня”. – Заўв. аўт.) ці “ясэлкамі”. Кожны храм стараецца аформіць сваю батлейку асаблівым чынам, каб у рэшце рэшт атрымалася незабыўная калядная містэрыя.

Дачакаўшыся Каляд, каля 20 фігурак ажываюць і ў найстарэйшай механічнай батлейцы заходняга рэгіёна Беларусі – у Францысканскім касцёле Гродна. Маленькія драўляныя лялькі, якія прадстаўляюць людзей розных нацыянальнасцей, паварочваюць галовы, здымаюць капелюшы, іграюць на музычных інструментах.

PRAS.by""

Некалькі гадоў таму гэтую шопку на гарышчы храма знайшоў ксёндз Юзэф Макарчык, былы настаяцель касцёла. Ён тэрмінова заняўся яе рэстаўрацыяй і распавёў гісторыю ўнікальнага тэатра гарадзенцам. Аказваецца, шматузроўневы механізм батлейкі ў 1960-х гадах прыдумаў айцец Аркадзь Вальтась. З дапамогай адмысловай канструкцыі святар спадзяваўся далучыць людзей да рэлігіі, і на пэўны час яму гэта ўдалося. Асабліва папулярнай стала батлейка сярод дзяцей, але савецкія ўлады забаранілі ўключаць яе падчас імшы. Чакаць адраджэння шопкі драўляным фігуркам давялося амаль паўстагоддзя.

поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий