Дзеці вайны: «Маці ведала, што жывым нам не выбрацца – бандыцкая ж сям’я»

Дзеці вайны: «Маці ведала, што жывым нам не выбрацца – бандыцкая ж сям’я»

На безыменных пахаваннях на ўскрайку вёскі Стральцы-1 у Гродзенскім раёне неўзабаве пачнуцца пошукавыя работы. Мясцовая жыхарка ўспамінае гісторыю брацкай магілы і сваё ваеннае дзяцінства

Дыхтоўны прыдарожны крыж-абярэг, ад якога пачынаецца вёска, можна заўважыць здалёк. Туды і накіроўваемся. Да нядаўняга часу для ўсіх апантаных гісторыяй роднага краю быў яшчэ адзін арыенцір – стары клён у некалькі абхватаў, але ён паваліўся, не вытрымаўшы націску буры. Жыхарка «першых» Стральцоў Ганна Радзюк адмервае некалькі крокаў ад крыжа і асцярожна спыняецца на невялічкім астраўку калгаснага поля, некранутым сельгастэхнікай.

PRAS.by""

– Напэўна, тут... Вось ён, прыгорачак. Некалькі разоў хацелі яго зраўнаваць з зямлёй, але вяскоўцы не далі, – мовiць Ганна Андрэеўна.

Пад духмянай травой і сціплымі лугавымі кветкамі – безыменныя магілы. Хто знайшоў апошні прытулак пад клёнам, тутэйшыя жыхары не ведаюць. Дакладней, з тых, кто мог бы распавесці пра трагічнае здарэнне, у жывых нікога не засталося. Нават маці Ганны Андрэеўны – Вольга Герасімаўна Лапа, якая нядаўна адзначыла сваё 100-годдзе, не прыгадала падрабязнасцей: салдатцы з чатырма дзецьмі на руках было не да гісторый. Але ў адным стральцоўцы перакананы: пахаванне гэтае – з часоў «цяперашняй», Вялікай Айчыннай вайны.

– Было тутака тры ці чатыры магілкі. Памятаю агароджы драўляныя, крыжы простыя... Навокал надта ж добрае шчаўе расло, і мы, дзеці, ім сілкаваліся – есці надта хацелася. Маці лаялася, што нельга – гэта іх, нябожчыкаў. Яшчэ, бывала, і дубчыка давала. А некалі суседка казала, што дзяўчом малым бегала глядзець на тое пахаванне. Добра памятала яна і некалькі зброевых залпаў у паветра – значыць, аддавалі апошнія ваенныя ўшанаванні. Але кропку павінны паставіць спецыялісты – высветліць, хто ляжыць у доле, і, магчыма, перанесці астанкі ў іншае месца. І тады няхай ляжаць салдацікі спакойна, – расказвае Ганна Радзюк і горка дадае: – Можа, хто шукае гэтых хлопчыкаў...

Ганна Андрэеўна добра ведае, пра што гаворыць. Яе бацька, Андрэй Міхайлавіч, знайшоў спачын на тэрыторыі сучаснай Польшчы, а сэрцы яго жонкі і дзяцей супакоіліся толькі тады, калі было знойдзены месца яго пахавання.

– Было бацьку толькі 30 гадоў, таму маці мая і кажа, што «жыве і за сябе, і за мужыка», – працягвае наша суразмоўца. – Як і пры якіх умовах тата загінуў, невядома. Мы даведаліся, что пахаваны ён у адной з бульбяных ям. Вясной 1945-га, пасля доўгай снежнай зімы, прывезлі туды машыну пяску і засыпалі так званыя брацкія магілы. Цяпер чакаем адказу, пад якім менавіта гранітным слупком ён ляжыць. Дзеці і ўнукі абавязкова туды паедуць.

***

Пры савецкай уладзе Андрэй Лапа быў дэпутатам мясцовага Савета, таму для немцаў адразу стаў «бандытам». Яны звезлі яго ў гарадзенскую турму, а жонку з трыма дочкамі разам з іншымі вяскоўцамі пагналі за вёску. Ганна на ўсё жыццё запомніла выкапаны роў, людзей з рыдлёўкамі, кулямёты «на тонкіх нагах», маладых дзецюкоў, што ляжалі са звязанымі дротам рукамі...

– Маці ведала, што жывым нам не выбрацца – бандыцкая ж сям’я. Трымала на руках малодшую сястрычку і прасіла: «Нікуды не адыходзь, трымайся за мяне», – узгадвае яна. – Раптам нешта як забліскала, застракатала – напэўна, хтосьці даў чаргу з кулямёта. Мы са старэйшай сястрой, забыўшыся пра наказ маці, ад жаху кінулiся наўцёкі. Але немец-канваір папаўся літасцівы: толькі ўсміхнуўся і зрабіў маці знак бегчы, хавацца сярод людзей. Дзякуй Богу, у тым рове ніхто так і не застаўся. У немцаў змяніліся планы, таму забралі толькі палонных хлопцаў.

Бацька выйшаў з турмы хворы і амаль адразу быў прызваны на фронт. Мама, плачучы, сама і завезла яго на кані на зборны пункт. На той момант яна была цяжарная. Калі нарадзіўся брат Міша, радасці ў бацькі было праз край. Прыслаў свой фотаздымак з подпісам «На доўгую незабыўную памяць сыну Мішачцы ад яго таты», а ўслед прыйшла пахавальная...

PRAS.by""

– Доўга не верылі, – Ганна Андрэеўна на хвіліну змаўкае. – У той вечер мы «згубілі» Мішу. Знайшлі яго пад ложкам, ён моцна прыціскаў да сябе татаў здымак і прыгаворваў: «Мой татачка, мой... » У сямейны альбом фотакартку так і прыклеілі пакамечанай. Пазней даслалі бацькавы рэчы. Сярод іх быў і здымак для дачок.

Успаміны пра нястачы, сіроцкую долю, цяжкую фізічную працу льюцца і льюцца, як і слёзы. Цешыць душу Ганны Андрэеўны тое, што неўзабаве на адну невядомую старонку гісторыі Вялікай Айчыннай стане меньш, бо пошукавы батальён пачне працаваць на магілах невядомых салдат ужо сёлетняй восенню.

КАМПЕТЭНТНА

Уладзімір Сытых, старшыня камісіі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Гродзенскага абласнога Савета ветэранаў:

– Прыемна, што людзі не застаюцца абыякавымі да такой важнай місіі – вяртання памяці пра падзеі 70-гадовай даўніны і адкрыцця невядомых імёнаў. Гэта тытанічная праца, але яна дае канкрэтныя вынікі. Пошукі безыменных пахаванняў і перапахаванні – непасрэдны абавязак нашай камісіі. Спадзяюся, што заяўка на правядзенне раскопак у Стральцах будзе разгледжана тэрмінова, і з дапамогай 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна мы больш даведаемся пра тыя дні.

Фото:
поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий