Экскурсавод: “Чым больш людзі ведаюць гісторыю, тым менш шанец страціць спадчыну”

Экскурсавод: “Чым больш людзі ведаюць гісторыю, тым менш шанец страціць спадчыну”

21 лютага адзначаецца Сусветны дзень экскурсавода. Калі дакладна з’явілася гэтая прафесія, невядома. Першапачаткова праца гіда была аматарскім заняткам для энтузіястаў і прыхільнікаў гісторыі таго ці іншага горада

Толькі ў другой палове XX стагоддзя экскурсіі дазволілі вадзіць тым, хто прайшоў спецыяльную падрыхтоўку. Але і сёння сярод прафесійных гідаў нямала энтузіястаў. З адным такім, стваральнікам праекта “Вандроўкі ў мінулае” Паўлам Дзюсекавым belchas.by пагутарыў напярэдадні свята.

Ад ідэі да праекта

Гісторыяй Павел Дзюсекаў зацікавіўся, напэўна, таму, што некалі ў дзяцінстве бацькі паказалі яму кнігу “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі” Мікалая Куна. Выданне стала для хлопчыка адкрыццём, і пасля школы ён паступіў на гістфак БДПУ імя Максіма Танка. Пачалася практыка, праца ў школах, архівах. Паспрабаваўшы розныя віды дзейнасці, хлопец зразумеў, што яму лягчэй працаваць з людзьмі, зацікаўліваць іх гісторыяй.

PRAS.by""

Скончыўшы ўніверсітэт, Павел прайшоў атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме і з 2012 года стаў прафесійным экскурсаводам. А ўжо праз год ён стварыў свой праект бясплатных пешых экскурсій па Мінску ”Вандроўкі ў мінулае”. Увогуле такі фармат сёння досыць пашыраны ў свеце. Free Walking Tours (што ў перакладзе і абазначае “бясплатныя пешыя экскурсіі”) праводзяць гіды-энтузіясты ў розных буйных гарадах — Варшаве, Лондане, Берліне і г.д. Аднак Павел на той момант не ведаў пра сусветную практыку.

“Пэўны час я сядзеў дома без працы, але вельмі хацелася варушыцца. І тут да мяне прыйшла ідэя: а чаму б не расказаць людзям нешта цікавае пра горад? Праз сацыяльныя сеткі абвясціў, што для ўсіх жадаючых правяду экскурсію па цэнтры Мінска, — прыгадаў Павел Дзюсекаў. — І вось 24 лютага 2013 года першы раз сабраў людзей. Прыйшло дзесьці 30 чалавек, а сама экскурсія заняла дзве гадзіны. Потым у мяне пачалі пытацца, а што яшчэ будзе? Прыйшла думка зрабіць нешта маштабнае, тым больш матэрыялу хапала”.

PRAS.by""

Інфармацыю малады экскусавод знаходзіць пастаянна. Прызнаецца, што ў яго проста такі стыль жыцця: чытаць газеты і часопісы, хадзіць у архіў і бібліятэкі, выпісваць і фатаграфаваць тое, што можа спатрэбіцца ў працы. Усе матэрыялы Павел Дзюсекаў кладзе ў розныя папкі і дастае іх адтуль, калі спатрэбіцца. А “жывыя крыніцы” інфармацыі самі знаходзяць экскурсавода.

“На экскурсіі ты больш ведаеш. Але вось перад табой стаіць 80-гадовая бабулька, якая бачыла той касцёл, якога ўжо даўно няма, а для цябе ён існуе толькі на фотаздымках. Такі чалавек можа расказаць столькі цікавага, што не прачытаеш у кнігах, — падзяліўся меркаваннем экскурсавод. — Напрыклад, 3 бабулі, якія яшчэ школьніцамі насілі кветкі да помніка Сталіну 5 сакавіка 1953 года, распавядалі пра натоўпы на плошчы, як з заняткаў адпускалі, як усе плакалі. Аднойчы прыходзіў дзядуля і прынёс гадзіннік, набыты ў так званым доме Кастравіцкай, што стаяў насупраць помніка Леніну на сучаснай плошчы Незалежнасці. Дарэчы, механізм, якому ўжо дзесьці 70 гадоў, працуе дагэтуль”.

Надвор’е не перашкода

Увогуле, пажылыя людзі часта завітваюць на бясплатныя экскурсіі. Цікава пахадзіць па гістарычных вуліцах горада і больш маладым мінчанам — ад 30 да 40 гадоў. Таму Павел Дзюсекаў імкнецца арганізаваць экскурсіі такім чынам, каб яны былі цікавымі для ўсіх. Шмат людзей, пражыўшы ўсё жыццё ў горадзе, нічога пра яго не ведаюць. І самае простае, што ім распавядаеш, — дзесьці смешнае, дзесьці сумнае — кранае. Між тым публіку трэба таксама слухаць. Як адзначае малады чалавек, падчас адной і той жа экскурсіі спрабуеш розныя жарты ў розных месцах і глядзіш, спадабалася ці не. У працэсе абкаткі маршрут змяняецца: нешта з’яўляецца, нешта знікае. 

PRAS.by""

Плюс пешых экскурсій у тым, што не трэба клапаціцца аб транспарце. Любы жадаючы без папярэдняга запісу і аплаты можа прыйсці, калі ёсць хвіліна. Паслухаў — і далей па сваіх справах. Але важную ролю іграе надвор’е, хаця для Паўла гэта не перашкода: ён прыходзіць у любым выпадку. Калі ў лівень збіраецца чалавек дзесяць і ўсе згодныя ісці, то разам “плаваюць” па маршруце адведзеныя 1,5 гадзіны. Калі прыйдзе напалову менш — разыходзяцца дамоў.

Асабіста для сябе Павел Дзюсекаў лічыць нязручным вельмі шчыльны графік. У сезон (з 1 траўня да 30 верасня) даводзіцца працаваць без перапынку: па адной экскурсіі ў будні, тры — у суботу, чатыры — у нядзелю.

Аб чым раскажуць могілкі?

Сёння ў рамках праекта “Вандроўкі ў мінулае” створана 17 экскурсій. У асноўным — па гістарычным цэнтры сталіцы. Але ёсць і зусім незвычайныя маршруты па… старых некропалях. У прыватнасці, Кальварыйскіх могілках.

“Па Кальварыі я хаджу ўжо 13 гадоў. Яшчэ падлеткам трапіў на гэтыя могілкі, і яны падаліся мне вельмі незвычайнымі. Тым больш што пра Кальварыю тады было мала вядома, — узгадвае Павел. — Першыя гады я прыходзіў туды з сябрамі папрацаваць: помнікі папраўлялі, траву вырывалі. А потым стала цікава даведацца, хто там пахаваны, з’явілася жаданне падзяліцца з людзьмі. На жаль, многія могілак баяцца. Разам з тым на Кальварыі, у прыватнасці, ёсць нагода ўзгадаць, хто такія былі браты Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, што зрабіў Янка Лучына. Людзі пачалі цікавіцца такімі экскурсіямі. Потым стварыў маршруты на Вайсковыя, Усходнія могілкі. Хаця у нас не шмат экскурсаводаў, якія водзяць па такіх месцах”

PRAS.by""

Акрамя Кальварыі, любімымі месцамі ў Мінску Павел называе Верхні горад, Лошыцу. І тут жа дадае: яму ўтульна там, дзе ёсць хаця б адна камяніца XIX стагоддзя. У старой архітэктуры, на яго думку, бачна нейкая элегантнасць, прыгажосць. А вось ад галоўнага праспекта сталіцы з яго сталінскім ампірам робіцца сумна. Аднак малады чалавек прызнае: архітэктура, як любое мастацтва, — справа густу. 

“Я ў сваіх экскурсіях імкнуся аб’ядноўваць людзей у жаданні ведаць больш пра горад, у якім яны жывуць. Возьмем, напрыклад, лёс першай мінскай электрастанцыі. Чаму яе знеслі? На маю думку, у большасці з-за таго, што людзі яе не цанілі, — адзначае экскурсавод. — І тыя ж чыноўнікі, калі б ведалі гісторыю электрастанцыі, менавіта змянілі б сваё рашэнне. Таму чым больш гараджане пазнаюць, тым меншы шанец, што мы страцім яшчэ нешта каштоўнае са спадчыны. А можа, увогуле вырашым усім горадам адбудаваць Казанскую царкву ці Іезуіцкі калегіум. Заўсёды кажу: Варшаву пасля вайны цалкам адбудавалі, а чым мы горшыя?”

Зараз Павел Дзюсекаў працуе над новымі маршрутамі. Скора збіраецца вадзіць экскурсіі па вуліцы Кастрычніцкай. Але пакуль гэтую частку горада ён лічыць асабіста для сябе “тэрай інкогніта”. Таксама ў планах стварыць экскурсіі па адзінкавых аб’ектах сталіцы — напрыклад, Белай дачы, мячэці і іншых. Цяжкасць у тым, што калі расказваць толькі пра іх больш чым гадзіну, будзе нудна для людзей. Пыталіся жыхары, ці з’явяцца маршруты па Грушаўцы альбо Кунцаўшчыне. Аднак у гэтыя раёны “Вандроўкі ў мінулае” калі і завітаюць, то яшчэ няскора.

Гісторыя ад Паўла Дзюсекава:

У 1901 годзе ў парку на Саборнай плошчы, ці сучаснай плошчы Свабоды, паставілі помнік імператару Аляксандру II. І вось ноччу нейкі жартаўнік-антыманархіст намазаў манумент салам. Раніцай да яго збегліся ўсе беспрытульныя сабакі і пачалі вылізваць. Улады палічылі гэта святатацтвам і паставілі ахоўнікаў каля помніка. Тыдзень яны стаялі, а потым ім гэтая справа надакучыла. Калі ахоўнікі сышлі, ноччу пастамент нацерлі валяр’янкай. Што адбылося раніцою, здагадацца няцяжка. А ў 1917 годзе помнік расійскаму імператару ўвогуле знеслі.

Фото:
тест
От Антарктиды до драгоценностей: что вы знаете о белорусской науке?пройти тест
поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий