Героі зоны загароды. Як савецкія пагранічнікі адстойвалі “старую” дзяржаўную мяжу

Героі зоны загароды. Як савецкія пагранічнікі адстойвалі “старую” дзяржаўную мяжу

У 1921 годзе Беларусь была падзелена паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Новая мяжа бязлітасна прайшлася па гарадах і вёсках, раздзяліла сем’і, скарэктавала лёсы. А на яе ахову прыйшлі вайскоўцы. 20 гадоў пагранічнікі неслі службу каля савецка-польскага кардона. Гэта быў трагічны і жорсткі час, у якім тым не менш было месца мужнасці, гонару і вайсковай доблесці.

Мы не будзем паглыбляцца ў тую неадназначную эпоху, а паспрабуем расказаць пра невялічкі адрэзак часу – перыяд існавання “рыжскай” мяжы.

Заслаўе

Наша вандроўка па “старой” мяжы пачынаецца з цэнтра мястэчка – ад чыгуначнай станцыі “Беларусь”. Экскурсавод – гісторык Ігар Мельнікаў сустракае нас у параднай форме савецкага пагранічніка ўзору 1935 года: афіцэрскія “вуглы” на рукавах, скураная планшэтка, арыгінальная партупея, гадзіннік, якому пад сотню гадоў, але ён усё гэтак жа гучна адлічвае час на зайздрасць уладальнікам сучасных хранометраў, адмысловыя ўзнагароды – гонар вайскоўцаў 1930-х гадоў.

– Хоць Беларусь і аб’ядналася ў 1939 годзе, зона загароды (“старая” ці “рыжская” мяжа) трымалася да 1941-га, – пачынае расповед даследчык. – Для яе перасячэння патрабаваліся спецыяльныя пропускі. Прыкладна адначасова, з 1924 года, тут пачалі несці службу савецкія пагранічныя войскі і польскі корпус аховы памежжа (КАП).

Менавіта ў мястэчку дыслацыраваўся 15-ы Заслаўскі пагранічны атрад. Да сённяшняй пары выдатна захаваліся доўгія драўляныя будынкі – былыя вайсковыя казармы і мураваная камендатура насупраць, куды дастаўлялі перабежчыкаў мяжы.

– Іх было шмат, – адзначае Ігар Мельнікаў. – Людзі беглі з усходу на захад і з Заходняй Беларусі ў БССР. У тыя часы добра працавала савецкая прапаганда: яна абяцала і бясплатную адукацыю ў Мінску, і працу, якой не было ў Другой Рэчы Паспалітай.

Узгадвае экскурсавод адну з цікавых гісторый, якой падзяліліся з ім калісьці сведкі тых далёкіх падзей. У 1938 годзе дзяўчына пасвіла карову, а тая вазьмі ды перайдзі праз мяжу ў Саветы. Прыбегла пастушка дахаты, бацьку распавяла пра непрыемнасць. Той падумаў: два сыны пасля службы ў Войску Польскім, іх небяспечна выпраўляць за блуднай жывёлінай. А дзеўцы што будзе? Але “зялёныя фуражкі” не драмалі – прывялі перабежчыцу ў камендатуру на допыт. Спалоханая дзяўчына прызналася, што ведае “сержантову” – жонку камандзіра стражніцы КАП у Шапавалах. Маўляў, разам у Ракаве ў касцёл ходзяць. Пагранічнікі за гэты факт учапіліся: “Давай ты будзеш нам інфармацыю перадаваць, а мы цябе за гэта ў камсамол прымем. Там, дзе мяжу перайшла, кожную сераду будзе чакаць цябе памежнік”. Сакрэтнага агента з маладзіцы не атрымалася – бацька забараніў падыходзіць да мяжы, а сам употай паглядзеў – вайсковец сапраўды сядзеў ва ўмоўленым месцы.

– Так, кур’ёзаў было шмат, але яшчэ больш – трагедый, – настройвае на сур’ёзны лад Мельнікаў. – Напрыклад, у невялікай вёсачцы за Пятрышкамі з Заходняй Беларусі да сваякоў у Саветы перайшло вяселле: мяжа ж магла вёску падзяліць. У сваё першае сумеснае падарожжа маладыя паехалі ў Сібір… Да таго ж была вайна разведак. Падзеямі ў суседзяў з аднолькавым імпэтам цікавіліся і прадстаўнікі Другога аддзела польскага генштаба (ці “двуйкі”), і чэкісты. Хацелася б падкрэсліць: да верасня 1939 года Польшча разглядалася як галоўны праціўнік Савецкага Саюза.

І савецкія, і польскія пагранічнікі змагаліся з кантрабандай. Па словах нашага суразмоўцы, тых, хто незаконна перамяшчаў тавары праз мяжу, было шмат. Іх вабіў Мінск, у якім улёт разыходзіліся прывезеныя з Польшчы адрэзы тканіны, ежа, водка, спірт. З Савецкага Саюза цягнулі гісторыка-матэрыяльныя каштоўнасці, золата, ікру, шчацінне, пушніну, соль.

Савецкія пагранічнікі стралялі адразу: кожны кантрабандыст разглядаўся як варожы шпіён. Польскія жаўнеры палітычнай пагрозы ў гэтай дзейнасці не бачылі, але змагаліся супраць падрыву эканамічнай стабільнасці Другой Рэчы Паспалітай.

– Цікавую гісторыю мне расказала варшавянка, якая ٌў 1926 годзе ехала ў Мінск да бабулі і дзядулі знакамітым “Транссібірскім экспрэсам”, – расказвае Ігар Мельнікаў. – 5-гадовая на той час дзяўчынка выпадкова прышчаміла палец. Кроў, слёзы, словы суцяшэння… З суседняга купэ выйшаў чалавек і прапанаваў малой перавезці праз пагранпераход Коласава–Негарэлае ляльку. Пагранічны догляд быў дэталёвы: дзяўчынцы разбінтавалі нават палец, жанчын распраналі. А на цацку ніхто ўвагі не звярнуў. У Мінску на вакзале да сям’і падыйшоў дзядзька, даў каробку швейцарскіх цукерак, адарваў ляльцы галаву… і высыпаў з яе брыльянты.

Даследчык дэманструе копіі ўнікальных дакументаў: “Акт задержания контрабанды” 40-х гадоў, карту з атласа савецкага афіцэра, анкету перабежчыка, у якой пазначаны нават нумар пагранічнага слупа ў месцы перасячэння мяжы і імёны “памочнікаў” (дарэчы, перапраўляць людзей праз польска-савецкі кардон было таксама вельмі даходнай справай), “Анкета арестованного”, газеты, што друкаваліся ў Заслаўі ў міжваенны перыяд.

– Самы дарагі артэфакт – кавалак арыгінальнага калючага дроту, што дзяліў Беларусь 20-х гадоў, – дэманструе гісторык. – Я асабіста 150 кіламетраў прайшоў па лясах – гэтага дабра яшчэ шмат у зямлі ці прывязанага да дрэў.

У 1940 годзе 15-ы Заслаўскі пагранічны атрад быў ліквідаваны, а яго асабовы склад перададзены 16-му Дзяржынскаму. Але толькі фармальна. Бо ў чэрвені 1941 года менавіта 80 абаронцаў “старой” мяжы з дапамогай байцоў 64-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі абаранялі мястэчка ад немцаў.

– Па сутнасці, Заслаўе было той жа Брэсцкай крэпасцю. Невялікая колькасць абаронцаў 3 дні стрымлівала варожы наступ, спаліла больш за 10 нямецкіх танкаў, прыкрываючы Мінск. Толькі калі паў горад, немцы ўвайшлі ў сталіцу. Многія з тых салдат знайшлі спачын на месцы апошняга бою – на старых могілках на ўскрайку Заслаўя. Брацкая магіла – адзіны напамін пра герояў. Няма ні мемарыяльных дошак (ахоўныя таблічкі знялі некалькі гадоў таму з будынкаў казармы і камендатуры. – Заўв. аўт.), ні помніка ў гонар пагранічнікаў. А хапіла б усяго мармуровага стылізаванага памежнага слупа з даваеннай шыльдачкай у цэнтры мястэчка…

Меткава

Адразу на ўваходзе ў вёску стаялі шлагбаум і будынак КПП. Тут у адрозненні ад Заслаўя памяць пра савецкіх пагранічнікаў жыве. Яны на дзесяцігоддзі пакінулі яе ў яблыневым садзе, які пасадзілі разам з мясцовымі жыхарамі.

– Гісторыя пагранзаставы ў Меткаве таксама трагічная і вельмі кранальная, – кажа Мельнікаў. – Мясцовыя жыхары ўзгадвалі, што праз пару дзён пасля нападу нямецкай арміі салдаты беглі па вуліцы і крычалі: “Не ўтрымалі, не ўтрымалі…” То бок, фашысцкіх захопнікаў. Але супраць бронетэхнікі і соцень пехацінцаў некалькі дзясяткаў пагранічнікаў былі бяссільныя. Калі немцы ўзялі іх у кола, старшына заставы прапанаваў спусціць на захопнікаў службовых сабак. Чатырохногія вартавыя мяжы пайшлі ў сваю апошнюю атаку, а за імі і памежнікі. Немцы былі збянтэжаны. Гэта дазволіла байцам прарвацца ў Заслаўе і нанесці ўдар ворагу з тылу. Дарэчы, такая гісторыя зафіксавана і ва Украіне: каля 150 пагранічнікаў і 500 іх чатырохногіх сяброў загінулі. У гонар абаронцаў там усталяваны помнік.

Дакументальнае пацвярджэнне гэтай неверагоднай гісторыі ў Ігара Мельнікава ёсць: архіўны здымак асабовага складу меткаўскай заставы разам з іх вернымі памочнікамі.

Новае Поле і мяжа сучаснага Валожынскага раёна

У 1930-я гады савецкая пагранічная камендатура размяшчалася ў былым палацы князёў Друцкіх-Любецкіх. Сёння ў сядзібе, што ўяўляе сабой узор тыповай рэзідэнцыі шляхты ХІХ стагоддзя, размяшчаецца Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.

На сучаснай мяжы Мінскага і Валожынскага раёнаў “рыжская” мяжа, а потым і “зона загароды” праходзіла па невялікай лясной рачулцы. Сярод тыповага на першы погляд пейзажу вопытная вока даследчыка адразу разгледзіць парэшткі пагранічнай інфраструктуры. У міжваенны час тут стаяла стражніца “Мінская”. Тутэйшыя польскія жаўнеры першымі даведаліся пра наступленне з боку Саветаў.

Гісторык працягвае знаёміць са сваімі каштоўнымі знаходкамі. Дэманструючы, напрыклад, даваенную карту, звяртае ўвагу на тое, што рыса мяжы праходзіць не роўна, а прыступкамі.

– Тлумачыцца гэта проста: пагранічныя камісіі можна было падкупіць, і яны пакідалі населены пункт на польскім баку. Нярэдка часткай Другой Рэчы Паспалітай станавіліся хутар ці невялікая вёска, – паясняе гісторык. – Калі паглядзець на сучасную карту Заслаўя, можна ўбачыць: тыя самыя “балконы” цяпер аддзяляюць Валожынскі і Мінскі раёны.

Сярод унікальных экспанатаў – дазвол на знаходжанне ў пагранічнай зоне, арыгінальная палітычная карта з савецкай заставы, выдадзеная НКУС у 1934 годзе, пашпарты грамадзян з розных куткоў свету, у якіх стаяць польскія і савецкія транзітныя і турыстычныя візы, “довуд особісты” ці ўнутраны пашпарт жыхара Заходняй Беларусі, савецкі пашпарт 1930-х гадоў, а таксама сапраўдныя грошы міжваеннай пары – злотыя і чырвонцы.

– Але галоўнымі плацёжнымі сродкамі на тэрыторыі памежжа былі долары і золата, – дзеліцца цікавымі фактамі Ігар Мельнікаў.

Ракаў

Наступны прыпынак нашай вандроўкі – каталіцкія могілкі ў Ракаве. Тут Мельнікаў паказвае безліч чорна-белых фотаздымкаў. На іх – пагранічныя польскія стражніцы, савецкія заставы, героі таго складанага часу, ілюстрацыі доглядаў і допытаў, брамы з надпісам “Прывітанне работнікам Захаду” – сімвала мяжы цывілізацый: імперыі Сталіна і еўрапейскай.

– Дарэчы свой верш пра савецкі пашпарт Уладзімір Маякоўскі напісаў менавіта на станцыі Коласава: проста перасказаў тое, што бачыў, – заўважае даследчык і прапаноўвае яшчэ адзін невялікі экскурс у гісторыю.

Ракаў лічыўся сталіцай кантрабандыстаў. У 1920-я гады тут наа ўсю моц працавалі бардэлі, рэстараны, казіно, гатэлі – забаўляльныя ўстановы адкрываліся ў сялянскіх хатах. У людзей былі грошы. У 1930-я – багацця стала менш, але мясцовы люд не гараваў. Падчас сталінскіх рэпрэсій нават быў план дэпартаваць з мястэчка большую частку насельніцтва за антысавецкі настрой. Ажыццявіць гэта перашкодзіла вайна.

Мінскі ўмацавальны раён

Па дарозе да апошняга пункту нашай экскурсіі Ігар Мельнікаў распавядае, што ўмацраён складалі трох- і аднаамбразурныя кулямётныя ДАПы (доўгачасовыя агнявыя пункты) і паўкапаніры на 2 гарматы. Будаваліся бункеры ў 1930-я гады зноў-такі на выпадак вайны з Польшчай.

Мы падыходзім да аднаго з маўклівых сведкаў кровапралітных падзей: магутная будыніна не вытрымала ўздзеяння часу і людзей – завалілася на бок, амаль рассыпалася пяціканцовая зорка над уваходам, бачны сляды ад снарадаў.

– Бяда гэтага ўмацавальнага раёна не ў тым, што не хапала зброі: наадварот, яна была, і пра гэта дакладна сведчаць архіўныя крыніцы, – запэўнівае Мельнікаў. – Банальна не было людзей і суцэльнай лініі абароны: павінны былі быць не толькі ДАПы, але і акопы, і абсталяваныя артылерыйскія пазіцыі. А так немцы спакойна пад’язджалі на самаходках і растрэльвалі гэтыя ўмацаванні праз амбразуры.

Яшчэ адзін важны факт: Мінскі умацавальны раён быў без галавы. Яго камандзіра 25 ці 26 чэрвеня застрэлілі свае ж – ён рассякаў па наваколлі на матацыкле і яго прынялі за дыверсанта. Бой прымаў той, хто мог.

Ігар Мельнікаў сумна адзначае, што зямля ўздоўж “старой” мяжы, шчодра палітая крывёй яе абаронцаў, хавае яшчэ безліч імёнаў салдат, якія па сённяшні дзень – без вестак прапаўшыя.

– Ушанаваць памяць герояў – справа гонару. Гэта тая гісторыя, якую мы не маем права забыць, – падкрэсліў даследчык.

Іна ДАБРЫДЗЕНЬ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

 

Источник:
поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий