Як ператварыць кубаметры вады ў мегаваты электраэнергіі і не нашкодзіць экалогіі?

Як ператварыць кубаметры вады ў мегаваты электраэнергіі і не нашкодзіць экалогіі?

Адказ на гэтае пытанне ведаюць на Гродзенскай ГЭС. Напярэдадні Дня энергетыка наш карэспандэнт наведаў наймагутнейшую гідраэлектрастанцыю Беларусі

«Бацька-Нёман» – гэтак паважліва называюць адну з самых знакамітых рэк Беларусі. Хаця больш слушна казаць «дзядуля», бо яшчэ не было егіпецкіх пірамід, буяла трава на месцы будучага Акропаля, вылі ваўкі на Рымскіх узгорках, а Нёман ужо каціў свае хвалі да мора. Таго самага, што пасля назавуць Балтыйскім. Страшна падумаць, колькі вады сплыло з таго часу і якая велічэзная, нікому не падуладная энергія тоіцца ў рачных хвалях...

PRAS.by""

Але гэтую энергію здолелі ўтаймаваць і прымусілі служыць людзям. У XXI стагоддзі рэчышча Нёмана перагарадзіла плаціна Гродзенскай ГЭС. Тутэйшае ўзвышша аказалася ідэальным месцам: стромістыя берагі дазволілі ўратаваць ад затаплення палеткі. Таму сельская гаспадарка не пацярпела. Не шкодзіць электрастанцыя і экалогіі.

– Мы не палім вуглевадароды, не атручваем паветра, – расказвае вядучы інжынер Гродзенскай ГЭС Валерый Зялёнка. – Наша электраэнергія экалагічна чыстая. Больш за тое: мы нават «фільтруем» раку, бо ў генератары мусіць трапляць вада без смецця.

Перавагі экалагічных тэхналогій ацанілі не толькі спецыялісты, але і прадстаўнікі фауны. Нягледзячы на снежаньскія маразы, вадасховішча пры электрастанцыі сустракае нас краканнем качак. Іх тут ці не сотні. Вада каля плаціны ўвесь час віруе і таму ніколі не пакрываецца лёдам. І птушкі застаюцца зімаваць на радзіме.

PRAS.by""

Не зводзіцца тут і рыба: прасторна, добры корм – можна жыць і пладзіцца. Плаціна не мае адмысловых «рыбаправодаў», таму насельнікі рачных глыбіняў затрымліваюцца ў вадасховішчы. Але гродзенскія энергетыкі запэўніваюць: па той бок станцыі рыбакі таксама не бядуюць...

– Штат у нас невялікі – усяго 16 чалавек, – распавядае Валерый Зялёнка. – Станцыя працуе кругласутачна, 365 дзён у год.

Як нагэтулькі малымі сіламі ўдаецца спраўляцца з такой складанай «гаспадаркай»? Усё проста: Гродзенская ГЭС не толькі наймагутнейшая ў Беларусі, але і найсучаснейшая – усімі працэсамі там кіруе аўтаматыка. Але якой бы разумнай ні была тэхніка, чалавека яна не заменіць. На галоўным шчыце кіравання заўсёды дзяжураць спецыялісты.

PRAS.by""

– Давярай ды правярай, – кажа начальнік змены Павел Штабінскі. – Каб пазбегнуць аварыйных сітуацый, мы кантралюем усе параметры. Здараюцца збоі – выпраўляем; прыходзіць хваля – «спрацоўваем» яе, павялічваем магутнасць. Сёння Нёман дае нам 260 кубаметраў вады ў секунду.

Пра раку супрацоўнікі станцыі распавядаюць нібы пра жывую істоту. Яна, аказваецца, з характарам, але прадказаць яго няцяжка: прайшлі дажджы – чакай вялікай вады.

Калі шчыт кіравання – гэта «мозг» станцыі, то машынная зала – яе «сэрца». Менавіта там на 11-метровай глыбіні размешчана 5 турбін.

PRAS.by""

– Калі не паглыбляцца ў дэталі, то ўсё проста, – тлумачыць Павел Штабінскі. – Вада круціць крыльчатку, а тая – генератар. А як працуе генератар, мы ўсе ведаем са школы. Ім можа быць нават электраматорчык з дзіцячай цацкі.

Прынцып просты, але абсталяванне станцыі высокатэхналагічнае і даволі дарагое: Гродзенская ГЭС абышлася ў больш як 100 мільёнаў долараў. Аднаго жалезабетону было заліта амаль 90 тыс. кубаметраў! Але скурка вартая вычынкі: энергія вады атрымліваецца бясплатнай. Дый самі турбіны разлічаны на паўстагоддзя працы. Таму карыстацца электрычнасцю, здабытай на станцыі, будзе не адно пакаленне беларусаў.

Агульная магутнасць станцыі – больш за 17 мегават. Досыць, каб асвятліць цэлы раён. Атрыманы ток паступае ў агульную сетку. Гарыць святло ў кватэрах, запальваюцца ліхтары на вуліцах, працуюць станкі на заводах – усё гэта праца энергетыкаў.

– Нашай працы людзі звычайна не заўважаюць, – усміхаецца вядучы інжынер станцыі Валерый Зялёнка. – Гэта значыць, што працуем мы добра, без збояў. Але ў Дзень энергетыка нас заўсёды віншуюць, што дужа прыемна. У такія моманты адчуваем: працуем не дарэмна, робім унёсак у агульную вялікую справу. Віншуем усіх калег па ўсёй Беларусі з прафесійным святам і жадаем ім поспеху!

Валянцін БОЙКА

поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий