Як рускі  і беларус дапамагалі выжыць адзін аднаму ў лагеры для ваеннапалонных

Як рускі і беларус дапамагалі выжыць адзін аднаму ў лагеры для ваеннапалонных

Тады вельмі многае значыла еднасць людзей розных нацыянальнасцей, якія складалі адзіны савецкі народ. Без гэтага нельга было б выжыць, нельга было б перамагчы

У Вялікай Айчыннай ваявалі абодва мае дзяды. Ад бацькі маёй маці Ігната Адамавіча Буякевіча я ведаю, што тады вельмі многае значыла еднасць людзей розных нацыянальнасцей, якія складалі савецкі народ. А доўгія гады пошукаў звестак пра бацьку таты цвёрда пераканалі нашу сям'ю, якая страціла ў той вайне амаль 40 сваякоў, у тым, што чалавечае братэрства было і існуе дагэтуль.

“Ты мне ўсё аддаваў, каб я застаўся жывым…”

Ігната лёс, на шчасце, пашкадаваў – ён цудам выжыў у Вялікую Айчынную. Ён, просты паляшук з двума класамі адукацыі за плячыма, у свой час ствараў калгас у вёсцы Вятчын на Жыткаўшчыне, кіраваў ім. Калі пачалася вайна, дзеда пакідалі ў тыле, але ён прасіўся на фронт і ў пачатку ліпеня 1941-га быў залічаны ў 45-ты стралковы полк, які базіраваўся ў Арле. У кастрычніку – лістападзе таго ж года ўсё вайсковае фарміраванне разам з камандаваннем было захоплена ворагам. Савецкіх салдат на працягу 16 дзён без вады і ежы везлі на чужыну ў таварняку, але яны не ашалелі ад голаду, бо падтрымлівалі адно аднаго.

Дзядуля трапіў у аўстрыйскі канцлагер, дзе зведаў голад, катаржную працу, нечалавечыя здзекі і боль. Ваеннапалонныя здабывалі ў шахце соль і грузілі яе ў вагоны. На нарах Ігнат апынуўся побач з рускім салдатам, вельмі слабым пасля ранення. Падтрымліваў яго як мог, дзяліўся апошнім. Беларус і рускі пасябравалі, але ніколі не размаўлялі пра тое, кім былі ў мірным жыцці...

Пасля вызвалення Буякевіч прайшоў праз “чыстку», потым служыў у Цэнтральнай группе войскаў. Яго часць перадыслакавалі ў сталіцу Балгарыі Сафію. Увесну 1945-га сапёр 108-га спецыяльнага сапёрнага батальёна даведаўся, што фашысты расстралялі бацькоў і шматлікіх сваякоў, у жывых толькі цудам засталіся жонка і дачка...

Неяк надвячоркам, перад адбоем, закамандавалі пастраенне. Да ўзвода крочылі невядомы палкоўнік і малады лейтэнант. Капітан скамандаваў:

– Радавы Буякевіч, тры крокі наперад!

Калі Ігнат выйшаў з шарэнгі, да яго падышоў палкоўнік і запытаўся:

– Ну што, не пазнаў?

І мой дзед зразумеў, што перад ім – той самы рускі ваеннапалонны, з якім ён быў у канцлагеры. Яны абняліся, пацалаваліся.

– Бачыш, дзякуючы табе я жывы і здаровы, уцёк з палону, дабраўся да сваіх, – сказаў палкоўнік. – Яшчэ паслужым Радзіме! А ты перажываў... Вайны, брат, без палону не бывае.

І тут ён павярнуўся да лейтэнанта, узяў з яго рук скрутак, разгарнуў паперу і ўручыў радавому Буякевічу вялікі каравай хатняга хлеба і некалькі кольцаў каўбасы.

– Ты мне ўсё аддаваў, каб я застаўся жывым, прымі, брат, ўзамен!

Са слязамі на вачах Ігнат узяў гэты каштоўны падарунак і перадаў сваім баявым сябрам: “Падзяліце, хлопцы, каб усім пароўну”.

Да ночы яны правялі ва ўспамінах, а затым развіталіся... назаўжды – палкоўнік загінуў праз пэўны час. Дзед Ігнат заўсёды плакаў, распавядаючы пра вайну і свайго сябра. Сам ён вярнуўся ў спаленую вёску, знайшоў жонку і дачку, пабудаваў зямлянку. Ізноў падымаў калгас, араў зямлю, сеяў і збіраў ураджай...

PRAS.by""
Ігнат Буякевіч у свой апошні пераможны май 

Дзядуля заўсёды казаў: людзі, якія прайшлі праз гэтую вайну, больш не дапусцяць такой трагедыі, таму што страшная бяда ўсіх аб'яднала, усе парадніліся. І глыбока перажываў, калі ў 1980-х перастаў існаваць яго калгас "II пяцігодка", пасля чаго пачала выміраць і вёска. Дый развал СССР мой дзед успрыняў як асабістую трагедыю...

***

Пра дзядулю па бацькавай лініі Васіля Гаўрыловіча было вядома няшмат. У пачатку вайны ён пайшоў на фронт і ўсё. Ніякіх звестак. Нават фотаздымка не засталося... Няма ў жывых ужо ні маіх бабуль, ні дзеда Ігната, ні бацькі. Нядаўна не стала і маці. Менавіта яна неяк параіла мне паспрабаваць знайсці хоць што-небудзь пра дзеда Васіля: “Гэта, сынок, трэба зрабіць, каб у родзе далей было ўсё добра”.

І я распачаў пошукі. Шмат гадоў заняла перапіска. Я шукаў магілу дзеда ва ўсіх вёсках са светлай назвай Добрая, дзе загінуў дзед (пра гэта хтосьці паведаміў яго жонцы, маёй бабулі Вользе, у 1950-я). Але ў ваенкаматах Беларусі, у расійскіх архівах толькі рукамі разводзілі. Вывучыўшы геаграфію, я зразумеў, што такіх вёсак у Расіі нямала, але ўсё ж такі вырашыў не спыняцца. Нарэшце, дзякуючы расійскім пошукавікам, на якіх атрымалася выйсці дзякуючы неабыякавым людзям, удалося знайсці след роднага чалавека. Спіс незваротных страт 399-га стралковага палка 111-й стралковай дывізіі мне даслалі з Цвярской вобласці.

І вось ён перада мной – дакумент, які, відаць, дрэнна шукалі ў ваенкаматах і архівах. Чорным па белым у ім напісана, што чырвонаармеец, стралок Васіль Ігнатавіч Гаўрыловіч, 1907 года нараджэння, загінуў смерцю храбрых 30 жніўня 1942 года падчас абароны вёскі Добрая Ржэўскага раёна Калінінскай вобласці.

Дзіўны факт: роўна праз чвэрць стагоддзя менавіта 30 жніўня нарадзіўся я, яго ўнук. А 30 жніўня 2016 года я атрымаў паведамленне аб тым, што даныя пра дзядулю, якія я прадставіў расійскім уладам, занесены ў картатэку загінуўшых і пахаваных на тэрыторыі Ржэўскага раёна, і да 9 мая 2017-га на мемарыяльнай пліце ў вёсцы Бахмутава, дзе пахавана больш 7 за тысяч савецкіх салдат, будзе ўшанавана імя майго дзеда-франтавіка.

PRAS.by""
Братское захоронение, д. Бахмутово Ржевского района

Гэтым летам, 30 жніўня, споўніцца 75 гадоў з дня гібелі дзеда Васіля. Адміністрацыя населенага пункта з сімвалічнай назвай Перамога афіцыйна запрасіла мяне наведаць брацкую магілу і аддаць даніну павагі роднаму чалавеку і ўсім загінуўшым героям.

Я, мой старэйшы брат і нашы дзеці напярэдадні свята адвязём у Расію па старым славянскім звычаі зямлю з вёскі, дзе нарадзіўся невядомы нам наш родны чалавек, і злучым разарванае кола памяці. І, вядома ж, падзякуем рускім братам за дапамогу ў няпростых шматгадовых пошуках.

Фото:
тест
Вы Шнуров или Солодуха? Узнайте, ответив на несколько вопросов о «Евровидении»пройти тест
поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий