Як у “Смаргонскай акадэміі” вынайшлi мядзведжыя “кансервы”  і… абаранкі

Як у “Смаргонскай акадэміі” вынайшлi мядзведжыя “кансервы” і… абаранкі

Даследчык гастранамічнай гісторыі Вільям Пахлёбкін у сваім слоўніку-даведніку “Кулінарыя ад А да Я” пісаў: “Радзіма абаранкаў – горад Смаргонь у Беларусі, дзе з заварнога (абварнога) цеста ўпершыню сталі рабіць вузкія жгуцікі і выпякаць з іх абваранкі”

Варта толькі прыгадаць Смаргонь – невялікі райцэнтр на поўначы Гродзеншчыны, як большасць чытачоў упэўнена назаве “мядзведжую акадэмію” і “абаранкі”. І, безумоўна, невыпадкова. Такі асацыятыўны шэраг трывала замацаваўся ў нашай падсвядомасці. Ведаеце, чаму?

“Акадэмія” абвяшчае набор

У XVII стагоддзі падчас уладарання прадстаўнікоў магутнага роду Радзівілаў у Смаргоні была заснавана школа дрэсіроўкі мядзведзяў, якую месцічы адразу жартаўліва назвалі “Смаргонскай акадэміяй”. Асаблівага росквіту “навучальная ўстанова” дасягнула пры Карале Станіславе Радзівіле (Пане Каханку).

Таптыгінаў навучалі ў некалькі этапаў ажно 6 гадоў. Канечне, з пазіцыі сённяшняга часу методу выкарыстоўвалі варварскую. Напрыклад, каб прымусіць мішку “танчыць”, яго змяшчалі ў клетку, дно якой награвалі на агні. Паступова жывёліна прывыкала стаяць на задніх лапах і пераступаць з адной на адну пад гукі бубна і ражка. Напрыканцы курса дрэсіроўкі мядзведзі ўмелі яшчэ барукацца і кланяцца. Вясной падрыхтаваныя “акадэмікі” разам са скамарохамі (крыніцы сведчаць, што часцей за ўсё гэта былі цыганы) накіроўваліся на заробкі па кірмашах Рэчы Паспалітай, Расіі, Венгрыі і Германіі. “Смаргонскі вучыцель з вучнем”, – крычалі гледачы, смеючыся з выкрутасаў гастралёраў. Дамоў “акадэмікі” вярталіся звычайна ўвосень.

Безумоўна, у дарозе калматых артыстаў трэба было чымсьці карміць. І гаспадары добра ламалі галаву над гэтым: сена ж за плячыма не пацягаеш, хлеб купляць – дорага. У рэшце рэшт нехта дадумаўся да выдатнага рашэння – нарыхтаваць... “кансерваў”. Прэснае цеста нарэзалі на тонкія палоскі, абварылі ў кіпені і высушылі. Для лепшага смаку такі сухі паёк, які назвалі “абваранкамі”, пасыпалі соллю.

Па некаторых звестках, школа дрэсіроўкі працавала да 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Але і сёння варта памятаць, як годна адказаць на пытанне месцічаў, якія не прамінуць пакпіць з недасведчанага чалавека: “Ці не ў смаргонскай акадэміі вучыўся?”

Абаранкі смаргонскія, з сальцой і макам

Аб тым, хто першы і калі адважыўся паспытаць “мядзведжай” ежы, гісторыя замоўчвае. Але неўзабаве абваранкі сталі прадметам асаблівага гонару смаргонскіх кухараў, слава аб прысмаках сягнула далёка за межы мястэчка. Пра тутэйшыя пякарскія вырабы ўзгадвалі ў сваіх творах Францішак Багушэвіч, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля. Праз дзесяцігоддзі расійскі даследчык гастранамічнай гісторыі Вільям Пахлёбкін у сваім слоўніку-даведніку “Кулінарыя ад А да Я” нават прыпісваў смаргонцам вынаходніцтва прадукцыі сучаснага хлебпрама: “Радзіма абаранкаў – горад Смаргонь у Беларусі, дзе з заварнога (абварнога) цеста ўпершыню сталі рабіць вузкія жгуцікі і выпякаць з іх абваранкі. Іх называлі абваранкамі, абаранкамі і, нарэшце, баранкамі”.

У 30-я гады мінулага стагоддзя Смаргонь сапраўды мела славу абараначнай сталіцы: тут налічвалася каля 60 арцеляў, якія выраблялі знакамітыя круглякі з цеста. Пякарні часцей за ўсё размяшчаліся побач з хатай, працавалі ў іх сямейныя падрады, і ў кожнага быў асаблівы сакрэт надання непаўторнага смаку сваёй прадукцыі.

PRAS.by""

Але ж тагачасная вытворчасць абаранкаў была цяжкай фізічнай працай. Цеста, каб добра падышло, звычайна замешвалі а 2-3 гадзіне ночы, яшчэ праз 3 гадзіны распальвалі печ альховымі дровамі і пачыналі круціць колцы рознага памеру. У асноўным гэтыя вырабы былі прэснымі. Класічны рэцэпт захаваўся ў мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі: на 5 пудоў мукі бралі 250–300 грамаў дражджэй і 6 літраў вады. Аднак на святы рабілі абаранкі здобныя, з макам, мёдам і чарнушкай.

PRAS.by""

У арцелях існаваў строгі падзел працы. “Калястольніцы” раскатвалі цеста ў тонкі жгуцік, потым накручвалі яго на палец, два ці больш (у залежнасці ад патрэбнага памеру) і адшчыпвалі. “Каляварніцы” завіхаліся каля чыгуна, ужо прыстаўленага ў печ: кідалі сырыя абаранкі ў кіпень з цукрам ці мёдам і сачылі за гатоўнасцю. “Каляпечніцы” абсушвалі звараныя абаранкі, а потым падсмажвалі іх у печы.

Кацярына Мінкоўская шмат гадоў працавала “калястольніцай”. Пры жыцці яна падзялілася сваімі ўспамінамі з былой супрацоўніцай Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Надзеяй Маркавай: “Звычайна ў пякарні было 2 пакоі. У адным захоўвалася мука, у другім стаяла вялікая печ, тут жа мясілі цеста, раскатвалі яго і рабілі абаранкі. Звычайна працавалі па 4–5 чалавек у дзве змены”.

Яшчэ адна захавальніца сакрэтаў пякарскага майстэрства Валянціна Булава разам з сёстрамі Ірай і Жэняй шчыравала ў сваёй сямейнай пякарні і таксама сцвярджала, што рэцэпт найсмачнейшых абаранкаў няхітры: дрожджы, мука і вада. У некаторыя дабаўлялі яйкі, цукар, масла, калі-некалі – ваніль і мак.

Абавязкова ў пачатку сакавіка смаргонцы вазілі свае абаранкі на Казюкі ў Вільню: засцілалі вазы ці сані белымі льнянымі посцілкамі і грузілі мяхі з духмянымі мучнымі вырабамі. Казалі, што салодкі водар яшчэ доўга стаяў над гасцінцам.

PRAS.by""

Добра разыходзіліся прысмакі ў Польшчы, ва Украіне, на Урале, Забайкаллі, Далёкім Усходзе. Каштавалі іх жыхары Санкт-Пецярбурга, Масквы і Парыжа. Каб прыцягнуць увагу купцоў, гандляры распрагалі коней, аглоблі абвешвалі вязанкамі абаранкаў і задзіралі іх дагары. І ніколі не было такога, каб хтосьці вярнуўся з кірмашу без нізкі смаргонскіх гасцінцаў.

Сталы пад белымі абрусамі, на якія таксама выкладваліся горы румяных ласункаў, кожную сераду выстаўляліся на плошчы ў цэнтры Смаргоні.

Ядвіга Шульжыцкая з вёскі Шутавічы ў свае 90 гадоў добра памятае тыя часы.

– Пякарню трымала цётка маёй цёткі Стасі – Хацілоўская Эмілія, – распавядае Ядвіга Міхайлаўна (стылістыка захаваная. – Заўв. аўт.). – Яна ўзяла пляменніцу памагаць пячы. Укусныя былі баранкі, гэта не цяпер – тоненькія. Што ж гэта за баранкі? Тыя дастаюць з печы – жоўценькія, красівыя. У большыя чарнушку дабаўлялі. Вазілі іх у Вільнус прадаваць на свята Казімера – даход харошы быў. А паламаныя, такія, што не прадасі, цётка нам прыносіла. Я прасіла яе і мяне навучыць рабіць абаранкі, але захварэла, а потым і цётка памярла. Так і не навучылася...

PRAS.by""

Смаргонскія арцелі паспяхова працавалі толькі да 1939 года, пазней да прыватнікаў-абараначнікаў былі ўведзены непад’ёмныя падаткі. На жаль, сёння амаль нікога са сведкаў росквіту і заняпаду абараначнай вытворчасці на гэтым свеце не засталося, не працягваецца і справа тамтэйшых пекараў. Памяць пра былыя часы жыве толькі ў музейных архівах і сямейных старых фотаздымках. Але заўсёды ёсць спадзяванні, што асацыяцыі з адметным мінулым могуць стать не менш яркай сучаснасцю.

Фото:
  • Инна ДОБРЫДЕНЬ
  • Андрэя РОГАЧА, з архіваў Валянціны БУЛАВАЙ і Смаргонскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея

тест
Вы Шнуров или Солодуха? Узнайте, ответив на несколько вопросов о «Евровидении»пройти тест
поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий