У Траецкім прадмесці сталіцы пасля капрамонту расчыніць дзверы музей Багдановіча

У Траецкім прадмесці сталіцы пасля капрамонту расчыніць дзверы музей Багдановіча

Сёння, 9 снежня, спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння таленавітага сына беларускай зямлі

Напярэдадні падзеі карэспандэнт “Белчас” завітала ў гэтую ўстанову культуры і даведалася, што там змянілася.

Экспазіцыя вабіць навізной: з дапамогай сучасных мультымедыйных сродкаў цяпер ёсць магчымасць пагартаць старонкі зборніка вершаў паэта, азнаёміцца з радаводам сям’і Багдановічаў.

– У першай зале размешчана частка шыкоўнай калекцыі паштовак, – звяртае ўвагу загадчык сектара ўліку і захоўвання фонду музея Алена Кніга. – Мы яе алічбавалі, і наведвальнікі змогуць убачыць Мінск тых часоў, калі Максім з’явіўся на свет, адчуць цеплыню і прыгажосць старога горада. Музей, як вядома, знаходзіцца ў гістарычным будынку ХІХ стагоддзя амаль побач з тым месцам, дзе стаяў дом, у якім жылі бацькі паэта.

У музейных фондах сёння налічваецца каля 19 тыс. рарытэтаў: рукапісы, фотаздымкі, асабістыя рэчы і іншыя непаўторныя каштоўнасці. Ёсць тое, што адназначна ўразіць. Так, наведвальнікі ўбачаць слуцкія паясы – нацыянальную рэліквію беларусаў, якая ўзгадваецца ў вершы “Слуцкія ткачыхі”. Такім унікальным набыткам, дарэчы, можа пахваліцца далёка не кожны літаратурны музей.

– У нас захоўваюцца тры слуцкія паясы: два з іх – у выглядзе фрагментаў, – падкрэслівае Алена Уладзіміраўна. – Ёсць таксама 6 асобнікаў прыжыццёвага выдання першай і адзінай кнігі вершаў Максiма Багдановiча “Вянок” 1913 года. Адзін з асноўных экспанатаў – гадзіннік, які адлічыў апошнія хвіліны жыцця паэта (узяты на часовае захоўванне ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі).

Мілагучная паэзія зачароўвае і кампазітараў, i драматургаў.

– Для мяне Багдановіч неспасцігальная асоба, шматгранная, таленавітая, геніяльная, – адзначае загадчык філіяла літаратурнага музея Марына Запартыка. – Максім пражыў усяго 25 гадоў, але, нягледзячы на тое, што сілы яго адбірала хвароба, ён спяшаўся зрабіць як мага больш. Фактычна за 10 гадоў ад першай публікацыі ў 15 год ён зрабіў столькі, колькі некаторыя не могуць зрабіць і за 50 гадоў. Гэтым Багдановіч мяне заўсёды ўражваў. Для мяне найбольш кранальнымі застаюцца радкі яго верша: “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”. Час, калі яны пісаліся, быў неспакойны – ішла Першая сусветная вайна. Душа паэта не магла пагадзіцца з тым, што адбывалася навокал. Ён хацеў падкрэсліць, што не трэба ваяваць, нам не патрэбны боль, сваркі і звадкі, “калі ўсе мы разам ляцім да зор...”

21 снежня ў літаратурным музеі пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Максім Багдановіч – дыялог з часам...”. Заявы да ўдзелу ўжо паступілі з Балгарыі, Украіны. Безумоўна, прымуць удзел у форуме і беларускія навукоўцы, у тым ліку супрацоўнікі літаратурнага музея. 

поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий