У вёсцы Дзякавічы 75 гадоў таму фашысцкiя карнiкi жывымі спалілі 651 жыхара

У вёсцы Дзякавічы 75 гадоў таму фашысцкiя карнiкi жывымі спалілі 651 жыхара

Вёска Дзякавічы ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласцi – “жалобная сястра” Хатыні. У сакавіку 1943-га ў ёй адбылася страшная трагедыя: фашысцкiя карнiкi жывымі спалілі 651 жыхара – старых, жанчын, дзяцей. Тут навечна пасяліліся цішыня і смутак. Толькі памяць людская не забывае, што адбылося 75 гадоў таму...

Працягваем публікаваць матэрыялы ў рамках праекта «Сёстры Хатыні», падрыхтаванага да 75-годдзя жалобнай даты.

На акупаванай зямлі

У канцы 1942-га на Жыткаўшчыне гітлераўцам стала зусім няўтульна ад баявых дзеянняў партызан. Асабліва рашуча бiла ворага злучэнне Камарова (В.З. Каржа), якое ў пачатку 1943-га ўзнавіла савецкую ўладу ў Ленінскім раёне. Адначасова ажыццявіў смелы і ўпэўнены рэйд па камунікацыях ворага С.А. Каўпак. Нямецкае камандаванне адрэагавала: 12 лютага кінула вайсковае злучэнне да 8 тыс. чалавек з куляметамі, мінамётамі і пушкамі на барацьбу з народнымі мсціўцамі. Каты нiшчылi мірнае насельніцтва ва ўсім раёне. Ад iх зверстваў пацярпелі безабаронныя жыхары адразу 17 вёсак: 4805 чалавек былі спалены, з 2188 сялянскіх двароў зруйнавана 2179. Забіта фашыстамi ў гэтых вёсках 480 чалавек, вывезена на катаржную працу ў Нямеччыну 579 сяльчан. Фашысты вывезлі з сабой усю маёмасць, хлеб. Асабліва жудасны лёс напаткаў жыхароў Дзякавіцкага і суседняга Вятчынскага сельсаветаў.

На страшны сход

Сакавік 1943-га выдаўся марозным, а вецер з поўдня часта даносіў у Дзякавічы едкі пах дыму. Пайшла пагалоска, што карнікі паляць вёскі і трэба ратавацца ў лесе. Але не паспелі – 3 сакавіка карны атрад акружыў вёску.

Фашысты ўстанавілі навокал Дзякавіч кулямёты, не выпускаючы з яе нікога. Праўда, вяскоўцаў не чапалі, сяліліся да іх на пастой, звычайна бесцырымонна выганяючы людзей на мароз.

Калі ж назаўтра немцы сталі прачэсваць навакольны лес, людзі даведаліся, што вылюдкі знішчылі курані тых, хто хаваўся ў іх, растрэльвалі на месцы, каго захапілі. Тое ж было і з жыхарамі навакольных хутароў, усе зразумелі: бяды не мінуць. Яна прыйшла праз тры дні.

Раніцай у пятніцу, 6 сакавіка, гітлераўцы загадалі, каб усе жыхары сабраліся на сход. Аб’явілі: людзей пераселяць далей ад небяспечнай партызанскай зоны на Украіну, дзе кожная сям’я гарантавана атрымае добрыя зямельныя ўчасткі. Загадалі грузіцца ўсім на вазы, забіраць маёмасць і жывёлу…

Смяротны прысуд

– Страшэнны гвалт стаяў над усёй вёскай, плакалі дзеці, рыкалі каровы, – расказвае Паліна Платонаўна Васіленка, якая цудам засталася жывой пасля зверскай расправы гітлераўцаў і іх памагатых. – Мне гадоў дзесяць было, толькі два класы ў школе закончыла. Бацька на фронце, да вайны калгасным конюхам працаваў, з намі, трыма дзеткамі, адна мамка засталася. У нас воза не было, і на свой, запрэжаны валамі, нас забраў бацькаў брат. Жанчыны галасілі, а мы, малыя, прыціснуўшыся адно да другога, спалохана назіралі, як незвычайнае шэсце выцягнулася на ўсю вёску…

Паліна Платонаўна Васілевіч ля мемарыяла “Смуткуючая маці”. 

Каб падмануць людзей, немцы пасадзілі некалькіх дзяцей да сябе на вазы, нават частавалі іх, і людзі пакрысе супакойваліся. Але калі даехалі за вёску да вялікага балота (адкуль бегчы не было куды), доўгі абоз нечакана спынілі. У людзей пачалі адбіраць іх рэчы і развярнулі назад, у вёску. Аднак невялікую частку вяскоўцаў – возчыкаў, маладзейшых жанчын з дзецьмі – пакінулі ля абоза. Там засталася і сям’я Паліны.

Тым часам на ўскрайку вёскі усіх заганялі ў будынкі – хату, хлеў і гумно. Набіўшы іх людзьмі, дзверы і вокны сталі забіваць дошкамі. Вакол шчыльным ланцугом стаялі карнікі з кулямётамі.

...У вачах сведкі трагедыі з’яўляюцца слёзы, калі распавядае пра страшэнны лямант, калі фашысты абклалі саломай і сенам і падпалілі будыніны з землякамі, пасля пачалі страляць.

 – Гэта было жудасна, не перадаць словамі… – змаўкае Паліна Платонаўна.

У акце расследаванняў злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў пры акупацыі Жыткавіцкага раёна, складзенага пасля вайны, выжыўшыя сведкі трагедыі ў Дзякавічах засведчылі: “Людзі ў роспачы кідаліся да вокнаў і дзвярэй, але іх сустракалі кулі і агонь. Тых, каму ўдавалася выскачыць з полымя, забівалі прыкладамі і штыкамі, кідалі назад у агонь. Дзеці спрабавалі ўцякаць, беглі ў розныя бакі, іх лавілі і кідалі ў полымя. 9-гадовы Мікалай Агіевіч некалькі разоў выскокваў з яго, але выратавацца яму не ўдалося… Фашысты смяяліся, некаторыя былі з фотаапаратам і фатаграфавалі. Марыі Рагалевіч было 10 гадоў. Яе пратыкнулі штыком і неслі па вуліцы… “

Адначасова вылюдкі расправіліся і над жыхарамі вёскі Буда: тых, каго захапілі ў той дзень, босых і распранутых павялі па дарозе ў бок вёскі Вятчын. Там усіх загналі ў хлеў і падпалілі. 80-гадовай Марыі Акунец удалося вырвацца з агню, але яе дагналі, забілі штыкамі і кінулі назад у вогнішча. Жывым застаўся толькi Міша Купрацэвіч. Але далёка ўцячы ён не змог, вылюдкі выкалалі яму вочы і кінулі ў полымя. Буда ў той час гарэла, як Дзякавічы і Вятчын…

 Боль сэрца

– 6 сакавіка мы не згарэлі. Са скарбам нас адправілі ў Вятчын, – распавядае Паліна Васіленка. – Але назаўтра мы таксама стаялі перад кулямётамі і чакалі такога ж прысуду, як мае землякі. Ды расправа не адбылася. Коннікі прывезлі загад, і нечакана нашу згубу адмянілі…

20 сакавіка Паліне Платонаўне споўніцца 86 гадоў. Жыве ва ўтульным доме ў цэнтры вёскі, якая раздзяліла трагічны лёс Хатыні, але ўзрадзілася з попелу, стала яшчэ большай і прыгажэйшай, набыла статус аграгарадка. Бабулька не скардзіцца на сваё жыццё. Разам з мужам (амаль два дзесяцігоддзі як ён пайшоў з жыцця) выгадавалі 6 дзяцей, якія падтрымліваюць, адведваюць маці. Васіленка кажа: “Жыццё пражыла цяжкае, але ў працы і песні”. А якія яе рукатворныя вышыванкі вышыванкі – што ні на ёсць музей народнай творчасці. І парадку ва ўсім можна пазайздросціць.

“Гэта ўсё і дапамагала жыць!” – сцвярджае кабета, з якой разам накіраваліся аддаць даніну павагі спаленым яе землякам да мемарыялу “Смуткуючая маці”.

– Цяпер цяжка з-за ўзросту дайсці сюды, а тут жа і 5 чалавек з бацькавай радні спалены. Але прыходжу, пастаю ў цішыні, пакланюся, успомню бацьку, што прапаў без вестак. Мне ж і сёння баліць…

А на развітанне сказала: “Хачу, каб памяталі вайну і яна больш не паўтарылася.”

Уладзімір ГАУРЫЛОВIЧ

Фота аўтара

Источник:
поделиться в соцсетях
Комментарии/ 0
Ваш комментарий